Лідзія Уладзіміраўна Касцюк не любіць гаварыць пра вайну. І ўспамінамі сваімі не вельмі хацела дзяліцца, ледзь удалося яе ўгаварыць. Ужо потым, калі яна ўсё ж пачала распавядаць пра падзеі 70-гадовай даўнасці, я зразумела чаму. Мароз па скуры ішоў, толькі слухаючы тыя ўспаміны, а ёй давялося ўсё гэта перажыць самой. А было на той момант дзяўчынцы Лідачцы ўсяго шэсць гадкоў...
– Маё дзяцінства не тут прайшло. Я нарадзілася ў Івацэвіцкім раёне, у вёсцы Міронім. Яна з трох бакоў была лесам акружана, а з чацвёртага працякала рака Шчара. Калі пачалася вайна, шмат хто з мужчын адразу ў партызаны падаўся. Але часта прыходзілі, хто з сям’ёй пабачыцца, хто за прадуктамі. Немцы ж стаялі ў другой вёсцы – Быцень. Гэта за 9 кіламетраў ад нас. Дык яны часта ў Міронім наязджалі, каб партызанаў злавіць, але ім гэта не ўдавалася.
Неяк прыйшлі немцы і сагналі ўсіх жыхароў на сход. Выбіралі сабе памочнікаў. І некаторыя ж мужыкі добраахвотна пайшлі да немцаў служыць, а адзін хлопец згадзіўся ісці на службу памочнікам войта, каб мець магчымасць дапамагаць партызанам. Ён вельмі адукаваным быў, разумным хлопцам, нямецкую мову ведаў.
Пасля тыя прыслужнікі нямецкія пачалі ім дакладваць, хто з жыхароў у партызанах ці дапамагае ім. І задумалі нелюдзі сем’і партызанскія знішчыць. Аднойчы раніцай наехала тых немчуроў поўная вёска і пачалі нявінных людзей з хат выганяць. У мяне сяброўка была, Верачка Грабун. Яна прыбегла раненька да мяне, мы сядзім з ёю, размаўляем, тут яна пагля-дзела ў акно і бачыць, што па вуліцы немцы шмат людзей вядуць, а сярод іх яе мама, бабуля, сястрычка і маленькі брацік, ён яшчэ хадзіць не ўмеў, мама яго на руках несла. Вера ўбачыла і сказала: “Я таксама з імі пайду”, – і пабегла на вуліцу. Я ж следам за ёй, каб паглядзець, куды гэта іх вядуць. А людзей прыгналі да плябаніі і там у радок паставілі. Чалавек трыццаць было. Тады той хлопец, што быў памочнікам войта, пачаў па-нямецку тлумачыць, што людзі не вінаватыя, што многія з іх ніякага дачынення не маюць да партыз ...
Читать далее